ІСАЎРЫ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
ці Сірыйская, дынастыя візантыйскіх імператараў (717—802). Заснавальнік — выхадзец з Сірыі Леў III, якога памылкова лічылі родам з Ісаўрыі (паўд. вобласць М. Азіі). Пры І.д. становішча Візантыі ўмацавалася, сфарміравалася фемная сістэма ўпраўлення (гл. Фемы), заснаваная на падатковых павіннасцях і ваен. службе свабодных сялян. Імператары І.д. паспяхова ваявалі з арабамі і балгарамі, імкнуліся замацаваць адзінства шматплемянной імперыі, у ходзе барацьбы супраць т. зв. абразашанавання канфіскоўвалі царк. і манастырскія багацці. Прадстаўнікі дынастыі: Леў III [717—741], Канстанцін V [741—775], Леў IV [775—780], Канстанцін VI [780—797], Ірына, жонка Льва IV [797—802].
т. 7, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)